ПАРЭ́ЦКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1836—1916. Выпускала трыко, тонкую шарсцяную тканіну, двайное сукно. У 1879 працавала 420 рабочых. У 1895 былі 3 (у 1900—4) паравыя машыны і паравыя катлы, 3400 ткацкіх верацён і інш. У некаторыя гады ф-ка выпускала да 230 тыс. аршынаў сукна і трыко. Прадукцыю збывалі ў Маскву, Пецярбург, Варшаву, Вільню, Кіеў, Адэсу, Беласток, Мінск. На выстаўках вырабы ф-кі былі адзначаны сярэбраным (Парыж, 1878) і залатым (Масква, 1882) медалямі. Пры фабрыцы было вучылішча, 4 казармы для сямейных, 4 інтэрнаты, бальніца, прадуктовая крама.
т. 12, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)